Трапятліва і далікатна люблю сваё Палессе. Радуюся, калі знаходжу людзей, якія папулярызуюць і захоўваюць нашу культуру і спадчыну.
Сабрала самыя яркія акаўнты пра самы таямнiчы рэгіен Беларусі: блогі, cтвораныя беларусамі і якія сярод беларусаў знайшлі сваiх самых адданых чытачоў. Я крыху панадакучвала сваім улюбёным палешукам з пытаньнямі, і цяпер рада падзяліцца з вамі іх адказамі.
Голя з Ополя @apolkina
Адзiн з маіх улюбёных блогаў. Дзяўчына пераехала ў Новую Зеландыю, і вядзе свой блог пра палескую вёску Опаль (Іванаўскі раён), ды яшчэ і піша і кажа па-свойму, па-опальску. Амбасадор Палесся ў New Zeland. Люблю яе за пачуццё гумару і палескія мемы. А яшчэ ў яе цікавы жыццёвы шлях — ад працы дзіцячым лекарам у Менску і валанцёрскага досведу ў розных краінах, да шлюбу з іншаземцам і кар’еры HR-partner у IT.
— Я Голя з Ополя, гэта веска на Беларускім Палессі! Я вырасла там, гадавалася і скончыла школу, а потым канешне паступіла у ВНУ у Менск і да 2022 года жыла там. Зараз я жыву у Новай Зеландыі таму што мой каханы адсюль). Я вяду свой асабісты блог на Опальскай мове і хачу каб Палесскія мовы і нашая унікальная культура былі моднымі не толькі паміж Беларусаў і Беларусак але і за мяжой! Каб калі заязджаюць хлопчыкі і дзяўчаткі да Менска ім не казалі пачуўшы як яны гавораць «аа деревня!» а каб нашая адметнасць нарэшце стала нашай моцай і гонарам!
Для мяне Палессе гэта, канешне, Радзіма і тое месца, якое заўжды прыходзіць у марах! Пах «товканэчкэ» і матулінага хлеба з печы, грыбны пах лесу пасля дажджа, пах чыстага паветра з толькі што скошаным сенам ці ўспаханым полем! Палессе — гэта вельмі шмат неба, прасторы і самыя моцныя духам жанчыны, якіх я толькі бачыла ў сваім жыцці! Палессе — гэта, канешне, каханне з першага разу!
Я не ведаю, ці важна памятаць свае карані, але я ведаю, што важна іх паважаць і на іх падмурку будаваць новую рэчаіснасць моднага Беларускага свету!
У маім Блогу мае падпісанты могуць пабычыць якраз нешта новае і можа нават моднае што народжваецца на базісу маіх Палесскіх каранёў! Я зразумела, што я адна з апошніх у сваёй сям'і хто можа размаўляць на адной з Палешуцкіх моў і вырасла ў адметных Паляшуцкіх традыцыях таму калі вам цікава праз мой досвед вучыць якія яны сапраўдныя Палешукі і разам са мной намацваць тое новае куды гэта можа прывесці — то далучайцеся! Я вам усім вельмі радая!
Я маю вельмі шмат планаў на будучыню))) Галоўнае мець на ўсё моц і час! Моц як у сапраўднай Паляшучкі есць засталося спланаваць час)! А калі сер’езна, то хутка я буду гатова прэзентаваць маю кніжку на Опальскай мове якая зараз знаходзіцца на рэдактуры! Ну, а далей, як мая Бабуля казала, «Протів водэ, Любко, плывстэміш» што значыць будзем змагацца і прабівацца далей з мэтай рабіць Палескія мовы і традыцыі гучнымі, моднымі і адметнымі у свеце!
Дзед Янкель: пазнай Палессе @dzed_jankiel
Мастак і свайго роду этнаграфіст пад псеўданімам Дзед Янкель робіць замалёўкі пра культуру і побыт палешукоў, асвячае дзейнасць знакамітых беларускіх дзеячаў, паказвае асаблівасці мясцовых дыялектаў і проста жыве на Палессі, улюбляючы ў яго. Шмат карысных нататак пра культуру і мову.
— Я дзед Янкель і я карэнны палешук, таму многа чаго ведаю пра свой край, але і для мяне Палессе яшчэ не адкрыла ўсіх таямніц. Таму гэта сапраўднае падарожжа даўжынёю ў жыццё.
Мой акаўнт — гэта месца, дзе кожны можа даведацца больш пра нашу Радзіму. Пазнаць сябе, сваю культуру, мову. Гэта партал у Беларусь. Гэты праект вельмі важны для мяне і я ўкладаю ў яго самае галоўнае, што ў мяне ёсць — мае веды і любоў да Радзімы.
Маё Палессе гэта цэлае жыццё. Гэта водар свежага пахучага сена, гэта бясконцыя балоты і лясы, а галоўнае людзі. Цэлы свет, часам прыхаваны ад звычайнага вока, але калі прыглядзецца то адкрываецца нешта чароўнае! Фальклор, традыцыі, абрады, гаворкі. Усе гэта неверагоднай прыгажосці скарб. І калі ты адкрыеш для сябе гэты скарб то ў момант закахаешся ў яго. Раз і назаўсёды.
«Абрубаўшы карэнне дрэва расці не будзе «- аднойчы напісаў я гэтыя словы ў допісе. Так і з людзьмі! Якога развіцця мы чакаем, калі не разумеем хто мы? Для развіцця грамадства павінна быць цвёрдая апора пад нагамі. Такой апорай для кожнага народа ёсць, была і будзе яго культура і гісторыя.
Толькі адказаўшы на пытанне «хто я такі?» ты можаш задаць сабе наступнае, больш важнае — «куды я іду?»
Калі ж мы забудзем сваё паходжанне, то кім мы станем?
На сваей старонцы я паблiкую дзедавы аповеды, разважанні. Я разважаю на шырокі спіс тэм: культура, мова, экалогія, гісторыя, узгадваю выбітных асоб. Люблю распавядаць містычныя гісторыі, казкі, а часам не супраць пагаварыць на тэмы больш сур’езныя. Кожны, я ўпэўнены, знойдзе для сябе нешта цікавае і карыснае на маёй старонцы. Кожны зможа дакрануцца да Палесся, адчуць сябе часткаю гэтага чароўнага куточка Беларусі. Таму праект і называецца «Пазнай Палессе».
Калі казаць пра будучыню то я не люблю загадваць наперад. Магу толькі зазначыць тое, што планаў вельмі многа і некаторыя ў хуткім часе будуць рэалізаваныя.
Максім Хлябец (Zlydzen) @khliabets
Журналіст Максім Хлебец (ён жа Злыдзень) шмат падарожнічае па Беларусi i вядзе падкаст «Нататнік». Любіць «заброшкі» (але не толькі), робіць крутыя інтэрв'ю з музыкамі і проста цікавымі людзьмі, мае ўлюбёнае інтэрвэю - з уладальнікам богам і людзьмі забытым музеем. Злыдзень любіць беларускія вёсачкі і імкнецца захаваць тое, што мы паступова губляем: палескую культуру, культуру рэгіенаў.:
— Раней я мала задумваўся аб важнасці беларускай мовы ці дыялектаў. Цяпер разумею, што мова маіх бабуль, дзядуль жыве і ў ва мне. А да гэтага я ведаю, якое прыгожае Палессе і як моцна адрозніваюцца іншыя беларускія рэгіёны. Вось таму і паказваю тую прыгажосць, якую бачу сам, астатнім. Таму што магу :)
Палессе — гэта дом, які я не ўсведамляў раней. А калі паездзіў па Беларусі, то адчуў вось гэтую блізкасць менавіта з Палессем. Гэта ландшафт і палешукі :) Вось у Падкасце пра Палессе добра распавядаецца аб гэтым.
Чаму варта і важна памятаць свае карані? Гэта і пра памяць, і пра ідэнтыфікацыю сябе. Калі ведаеш, то можаш нават пачуцці да іншых людзей адчуваць больш глыбокія. Кахаць па-паляшуцкі ці быць шчаслівым па-свойму.
Рэкамендацыя для падпісантаў - Шукайце Natatnik (маецца на ўвазе падкаст), Там частка мяне. Гэта нашы вёскі, людзі, пяшчота, шчырасць і інфармацыя. Наконт планаў на будучыню — ужо некалькі гадоў нічога не загадваю. Таму падпісвайцеся тут і цяпер і станавіцеся часткай Беларусі :)
Велямічы @velemichi
Блог пра сяло Велямічы Столінскага раёна. Аповяды аб культуры, гісторыі вёскі і яе жыхароў, абрадах і святах, песні і вершы, цытаты і ўрыўкі з беларускіх твораў. А на фота такія мілыя віды беларускай вёскі. Блог з палескім характарам - глыбокі, месцамі зусім не мілы, месцамі закранае вострыя і балючыя тэмы. Дадам сюды вытрымку з блога Велямічы, а дакладней, з трактата Ігната Канчэўскага «Вечны шлях»:
— Калі я пачынала, быў толькі акаўнт вёскі Аздамічы. Не такі выбар быў, як зараз. Посціла фота, потым пачала гісторыі пісаць, не маючы асаблівага кантэнт плану, што ўзгадаецца, пра тое і пішу або абапіралася на кола абрадаў.
Я нарадзілася ў сяле, цікаўнасць мне прынеслі выкладчыкі ва Універсітэце культуры. Я тады зразумела, што я жывая носьбітка і я магу з гэтым нешта рабіць, не толькі экзамены здаваць)
— Што для мяне Палессе?
хаты з салярнымі знакамі ☀️ і хлеўчыкі з дахам, які пакрыты чаротам. Палі, лугі і азёры. Край, дзе было вельмі спакойна душы.
-На нашых каранях базуецца ідэнтычнасць і калі чалавек ведае, хто ён- гэта здаровы чалавек, не ахвяра/манкурт, а моцная асоба, у якой зямлю з-пад ног не выб’еш. Веды аб тым, хто ты даюць нашмат болей сілаў, чым міфічнае прыпісванне сябе да касмапалітаў альбо нейтральная пазіцыя. Так, ці інакш, чалавек сутыкнецца з гэтым пытаннем.
— Што можна знайсцi ў маім блогу? Аўтэнтычнасць сяла праз фота з Веляміч і мае веды, якія я транслюю тут: гісторыі, архіўныя звесткі, слоўнік веляміцкай мікрамовы і г. д. На што е сілы, тое і раблю. І, папрашу, без ідэалізацыі, у мяне таксама бываюць памылкі.
Плюс, лёсы ў раду часта паўтараюцца, таму варта ведаць і памятаць аб гэтым, мы пра гэта забываем, а цябе можа напаткаць тое самае, што было з тваімі прапра і ты тады ўжо будзеш ведаць, да чаго табе рыхтавацца.
— Планы на будучыню: пакуль проста працягваць рабіць далей сваю справу. Нават калі блога не станецца, я ад сябе не дзенуся нікуды. Я святкую святы і ў замежжы, раблю беларускія праекты ў Варшаве, гавару з бацькамі па-веляміцку і народную мудрасць велямічанцаў выкарыстоўваю ў паўсядзённым жыцці.
Для ўсіх: Кожны можа посціць прыгожыя фотаздымкі, у цэлым, нейтральна весці сацыяльныя сеткі, але ў гэтым няма душы. Таму я часам або рэзка выказваюся, альбо маўчу ў блозе.
Аздамічы @ozdamicze
Блог пра сяло Аздамічы Столінскага раёна: здымкі з архіваў і сучаснасці. Кранальныя фота выпускнікоў і жыхароў вёскі, эстэтыка вясковага жыцця. Людзі імкнуцца запазычыць у чужой культуры ўсялякія «хюге» і «лагам», а ад нашага «хюге» і «лагам» становяцца ўсё далей. Але ж наша ідэнтычнасць — у прастаце, у працы, у блізкасці да зямлі і прыродзе, і так, таксама дзесьці ў эклектыцы і змешванні культур, ці варта гэта выкарчоўваць?
Палескiя валацугi @paleskiya_valatsugi
Блог аб мотападарожжах па Беларусі і не толькі. Там пануе свая атмасфера :) Хлопцы вядуць таксама свой ютуб-блог з аглядамі цікавых мясцін і карысных прылад для матацыклістаў. Цяпер у іх у працэсе міні-падарожжа па Беларусi, вядома ж, на матацыклах. Палескія валацугі адкрытыя да зносiн, узаемадапамогі і сяброўства.
— «ПАЛЕСКІЯ ВАЛАЦУГІ» — гэта кампанія людзей, якія любяць мотатурызм.
Клабхаўс наш размешчаны на Палессі, а самі - хто дзе жыве. Але ў асноўным усё ў Брэсцкай вобласці.
Самі катаемся з задавальненнем па краіне і імкнемся паказаць яе выбітнасці. А то некаторыя людзі сядзяць і мараць аб кругасветках, а сваю краіну не бачылі. Маўляў глядзець няма чаго. Вось і абвяргаем гэта. На матацыклах мы аб’ехалі дастаткова, каб сказаць, што ў нас сапраўды ёсць што паглядзець. Краіна невялікая, але такая розная. Як адрозніваецца рэльеф Гомельшчыны і Гродзеншчыны, гаворка і г. д.
На старонцы ў нас можна знайсці цікавыя месцы і каардынаты іх размяшчэння. Некаторыя на гэтым зарабляюць грошы і каардынаты не выкладваюць. Мы ж стараемся падзяліцца з людзьмі тым, што ведаем. Гэтак жа пішуць у дырэкт, некаторым проста накідваем і дапамагаем з маршрутамі.
Палешукі @poleshyki
Архіўныя і не толькі фатаграфіі простых людзей і іх побыту, дзе нават у незнаёмых тварах ты пазнаеш пра родныя рысы. Палешукі - гэта цэльны аккаунт, пад каторым істотна не тое, хто яго вядзе, але тое — пра што гэты аккаунт. Аўтару — безагаворачная павага.
— Каб зразумець маё Палессе, трэба абавязкова тамака пабываць і пазнаёміцца з маімі землякамі - вельмі шчырымі і добрымі людзьмі, акунуцца ў атмасферу, паспрабаваць пампушкі, паплаваць на лодцы па Прыпяці.
У вёсцы Цераблічы Столінскага раёна — самай глыбінцы беларускага Палесся — мае карані. Мае дзяды і прадзеды таксама з Палесся.
Акаўнт ствараўся з мэтай захаваць гісторыю вёскі ў здымках, якія адлюстроўваюць побыт маіх землякоў, традыцыі і звычаі. Калі жыве памяць, тады і продкі жывуць у нашых сэрцах. Бо часта так бывае, што калі памірае стары чалавек, яго рэчы, у тым ліку фатаграфіі, спальваюцца ў печцы альбо проста выкідваюцца. Вось каб не страціць нітку з мінулым, каб зрабіць бэкап для наступных пакаленняў, і існуе рахунак poleshyki.
Палескі палын @paleski_palyn
Палессе Ганцавіцкае вачыма і словамі дзяўчыны, якая стварае маленькую этнаграфічную калекцыю. У гэтай палескай птушкі ёсць падкаст з нататкамі па яе самастойных этнаграфічных экспедыцыях.
— Я звычайны чалавек, які хоча хоць на адсотак захаваць культуру тых мясцін, дзе нарадзіўся. Таксама Палессе-адзіны рэгіён дзе так ці інакш яшчэ засталася ў рачаіснасці традыцыйная культура, характэрная менавіта гэтым мясцінам. Палессе я б ахарактэрызаваў як іншасвет.
Ці можа дрэвы пладаносіць, калі корань у яго слабы? Так і чалавек. Пакуль будзеш памятаць, хто ты і адкуль, то будзеш трывала стаяць на зямлі. Наконт планаў: зараз, канешне, цяжка нешта знайсці, але з часам планую пашырыць палын да абрадаў, песень і размовамі з носьбітамі.
Палессе трэвел @palessie_travel
Гэта сямейны блог пра Палессе, дзе акрамя цудоўных відаў у акаўнце можна яшчэ ўпісацца ў пешыя і велапаходы, або арганізавацца на сумесны сплаў на байдарках i убачыць знакамітыя разлівы Прыпяці вясной. Аўтары сапраўды любяць Палессе. І вы палюбіце :)
Палеская гнеча @paleskaja_hnieca
Архіўныя фотаздымкі жыхароў Давыд-Гарадоцкага і Столінскага раёнаў.
— Ёсць 2 «сталіцы» Палесся — Пінск і Мазыр. А роўненька між імі Гарынь упадае ў Прыпяць, вось менавіта пра гэтую тэрыторыю і быў створаны конт «Палеская гнеча». Палессе — гэта бурштын, у якім спынілася на імгненне жыццё. Палессе — шматнацыянальнае, шматканфесійнае і шматмоўнае. Яно такім было ўсяго сто гадоў таму. Палессе — гэта калыска беларускай шляхты. Палессе — гэта белая сініца, якая можа прыгожа заспяваць, а можа схавацца так, што ну аніяк яе не адшукаеш, як бы ты не стараўся. «Палеская гнеча» у першую чаргу створана для палешукоў і іх нашчадкаў, у якой краіне яны б не жылі. У бліжэйшы час мы апублікуем некалькі эксклюзіўных фотаздымкаў, таму раім падпісвацца, будзе цікава."
Тайнікі @tayniki
Спадзяюся, калі-небудзь і наш блог напоўніцца і больш суцэльнымі аповядамі аб нашых вандроўках пра Пінскае Палессе: пра унікальныя драўляных цэрквы, пра вёсачкi і іх побыт і святы, пра жыццё сярод рэк і балот (на жаль, так пацярпеўшых у часы меліярацыі), дзе яшчэ існуюць ручныя паромы, пра балоты і людзей на балоце, пра нашых слаўных «тыбульцах».
А пакуль — здымачкі ды гісторыі у @funnypersimmon, і бязмерная любоў да гэтага краю.
— Для мяне Палессе — гэта месца, у якім сапраўды захоўваецца адзін з крыжажоў маёй душы. Яно пахне аерам, чаротам і палыном, піжмой і лугавым разнатраўем, раскай і крыху цінам. А яшчэ свежаскошаным сенам і івамі. Гэта месца майго нараджэння і маёй эмацыйнай падсілкоўвання. Такое вялікае і неабсяжнае, але тое, якое так хочацца абняць і захаваць для сябе і іншых.
Палессе — гэта прыгажосць балот і прастаты вясковага жыцця, гэта асцярожнасць і простая жыццёвая мудрасць жыхароў, гэта мазалі на руках і згорбленыя спіны ад непасільнай працы, але ;і гонар, і годнасць у поглядах на жыццё і характарах людзей. Гэта буслы на дахах і слупах. Калі бусел аблюбаваў вашу хату ці хлеў — гэта добры і шчаслівы знак. Гэта святы вёсак і дзіўнае змешванне паганства і праваслаўя. Гэта цудоўныя драўляныя храмы — часта блакітныя, як неба, часта пабудаваныя без адзінага цвіка. Гэта палеская Венецыя — Кудрычы, і прыгажосць разліваў рэк.
Гэта іншы свет, у якім і дыхаецца па-іншаму.
Батько Мемар @batko_memar
Проста i бяз лішніх слоў - мемы па-палеску.
- Мій акаунт - то проста мемарня. Мемэ - штука популярна і колэ я побачыв скіка йіх зарэ робыцца по-білоруску і по-вкраінску, то подумав шо наша ріжна мова ны гірша і мае право на свій гумор у сучасному хворматэ.
- Што для вас Палесcе: у водарах, у карцiнках, у словах?
Поліссе - гэто рідна мова, рідна хатэнка і свойі людэ. Пах Полісся - гэто мусытькэ парш за всё пах ягід, грыбіў і лэпэ. Чому ны віду. Просто асоціацыя. Картінка - ліс з гольшынэ і хвойінэ, жовтэ рапсовэ полэ, буськэ і чэстэ небо.
- Чаму чалавеку варта памятаць свае каранi?
Варто бо быз коріння і дарво ны роста.
- Што вашыя падпiсанты знойдуць у вас на старонцы?
Гумор, спомынкэ, локальнэ прыколэ. Дэсь посміетыся можно, а дэся й задуматыся чы навіть в сум запустэтыся.
- I якiя планы на будучыню, цi загадваеце нешта?
Хотілося б і далі выстэ Мемарню, ала ны так мнэга чесу на йіі зарэ е. Добрэ було б найтэ пара чоловік у команду, коб помогалэ. Загадуватэ напырод ныма чого - траба робэтэ.
Беларускiя гаворкi @bielaruskija_havorki
Не толькі пра палескую мову, але і іншыя гутарковыя асаблівасці розных рэгіёнаў Беларусі.
Дарэчы, палеская мікрамова — гэта больш, чым месцячковы дыялект. Cпроба класіфікаваць яго і кадыфіцыраваць была ў 1980−1990 гады, і, як казалі даследвальнікі-лінгвісты палескай: «всека мова е ны, но за сридка контахтовання мыз людьмы, алы вона е j за нутро, стрыжня, а дэ в чому и форму культуры јитвјежого (этнополіського) этносу». Прыкладны пераклад: «усякая мова — гэта не толькі сродак зносін паміж людзьмі, але і нутро, стрыжань, а ў нечым і форма культуры яцвяжскага (этнапалескага) этнасу».
Яшчэ з цiкавага - палескую мову вывучаў нават гішпанец-баск, якi запiсваў гісторыі, казкi, элементы побыту палешукоў і выкладаў іх на YouTube колькі год таму. Яго навуковыя работы можна спампаваць на сайце універсітэту.
Антон Гнетка - мабыць, самы вядомы хутаранін ў РБ. Некалькі гадоў таму стаміўся ад гарадской мітусні, купіў хутар у палескай глыбінцы ў Лунінецкім раёне. Зараз аднаўляе стары драўляны дом і акультурвае ўчастак, завёў невялікую гаспадарку, пабудаваў лазню і альтанку. Робіць усё сваімі рукамі, хоць, па яго словах — нічога не ўмее, усяму даводзіцца вучыцца. Захапляецца паляваннем і рыбалкай, любіць гатаваць і дзяліцца рацэптамі са сваімі падпісчыкамі.
Instagram — @antongnetko
Youtube — @ANTONHUTOR
Гэта толькі пачатак
Безумоўна, гэтая публікацыя заслугоўвае таго, каб дапаўняцца і пашырацца:)
Зараз рыхтую матэрыял пра любімых «малых блогераў», якія падарожнічаюць па ўсёй Беларусі і яе вёсачках і гарадах.
Калі вы знайшлі памылку ў тэксце — не крыйдуйце, буду прызнальны, калі падкажаеце пра яе: @funnypersimmon у любой сацыяльнай сетцы.